«Візіт Уладзіміра Зяленскага ў Варшаву — гэта добрая навіна для ўсяго рэгіёна і дрэнная навіна для Масквы», — так прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падсумаваў сустрэчу са сваім украінскім калегам. Падчас перамоў у Варшаве, у пятніцу, 19 снежня, прэзідэнты абмяркоўвалі пытанні бяспекі, эканамічныя і гістарычныя аспекты двухбаковых адносін.
Прэзідэнт Караль Наўроцкі падкрэсліў, што Польшча і Украіна знаходзяцца па адзін бок у супрацьстаянні агульным пагрозам:
«Сённяшні візіт, безумоўна, з’яўляецца добрай навіной для Польшчы, для Варшавы, добрай навіной для Кіева, добрай навіной для ўсяго нашага рэгіёна і дрэннай навіной для Масквы і Расійскай Федэрацыі. Ён з’яўляецца доказам таго, што ў пытаннях нашай стратэгічнай супрацы, у сферы бяспекі, Польшча, Украіна, краіны рэгіёна — краіны, заснаваныя на дэмакратычных каштоўнасцях, — знаходзяцца разам», — заявіў польскі лідар.
Караль Наўроцкі таксама дадаў, што і Польшча, і Украіна ўсведамляюць: пагроза з боку Расіі не пачалася з моманту развязвання поўнамаштабнай вайны. Паводле польскага лідара, дзеянні Масквы на працягу гадоў падрываюць міжнародны парадак і сістэму бяспекі ў Еўропе.
Прэзідэнт Польшчы падзякаваў Уладзіміру Зяленскаму за «выразныя дэкларацыі адносна ўдзелу польскіх прадпрымальнікаў у аднаўленні Украіны». Ён таксама адзначыў, што абодва бакі выказалі гатоўнасць да таго, каб Польшча стала энергетычным хабам для ўсяго рэгіёна.
iar/pap/эж